Яўген Меркіс

Яўген Аляксандравіч Меркіс — журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Ён неаднаразова падвяргаўся затрыманням, штрафам і адміністратыўным арыштам. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген засяродзіўся на краязнаўчай дзейнасці. 13 верасня 2022 года ў другой палове дня ў кватэры журналіста ў Гомелі прайшоў вобшук, пасля якога ў Яўгена канфіскавалі носьбіты інфармацыі, а яго самога затрымалі. 11 верасня 2025 года стала вядома, што яго вывезлі ў Літву.

Свабода для мяне гэта не толькі магчымасць казаць і рабіць тое, што хочаш, але і адказнасць за сябе і родных, калі табе ніхто не загадвае як жыць. Мой дом заўжды са мной. Фізічна ён застаўся ў родным Гомлі ў Беларусі, але я шчыра спадзяюся туды вярнуцца і раблю ўсё для гэтага. Жыццё пасля зняволення няпростае з-за таго, што ты ўжо забыўся якім ты быў, што любіў, чаго хацеў. Але волю нішто не заменіць. І я шчыра спадзяюся, што іншыя зняволеныя як мага хутчэй вернуцца дамоў, абдымуць родных, пацалуюць каханых ды пачнуць рухацца ў будучыню.