Уладзімір Мацкевіч

Уладзімір Уладзіміравіч Мацкевіч — філосаф, метадолаг і грамадска-палітычны дзеяч, стваральнік Лятучага ўніверсітэта. 4 жніўня 2021 года яго затрымалі пасля вобшуку ў доме ў межах крымінальнай справы і абвінавацілі ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 11 верасня 2025 года стала вядома, што яго вывезлі ў Літву.

Турма не месца для чалавека, нават таго, хто памыліўся. Інстытут турмы прыдуманы для выпраўлення зла, для ізаляцыі злачынцаў, але сама яна становіцца злом. Яна нікога не выпраўляе. Там утвараецца траўмаванае супольніцтва з скажонымі прынцыпамі і нормамі. Гэтыя нормы становяцца звычкай, вызваленыя з турмы пераносяць іх у нармальнае грамадства і інфікуюць яго злом. Сучасная цывілізацыя саспела да адмовы ад інстытута турмы, як калісьці да адмовы ад смяротнага пакарання. Турму немагчыма палепшыць стварэннем камфортных умоў. Сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць кантраляваць тых, хто памыліўся, і асуджаных на пакаранне, пакідаючы іх у нармальным грамадстве, без ізаляцыі. Ізаляцыя дапушчальная для маньякаў. У астатніх выпадках турмы варта зачыніць.