Аляксандр Ярашук
Аляксандр Ільіч Ярашук — старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які аб’ядноўвае некалькі незалежных прафсаюзаў, уключаючы Свабодны прафсаюз беларусаў (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП). 19 красавіка 2022 года ў яго прайшлі вобшукі на працы і дома, была канфіскавана тэхніка. Аляксандр Ярашук быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА. 11 верасня 2025 года стала вядома, што яго вывезлі ў Літву.

Першае. Што для мяне значыць свабода? Я ўспрымаю яе як нараджэнне нанова. З усімі этапамі, праз якія праходзіць нованароджаны. Я зноў вучуся гаварыць, камунікаваць з людзьмі вакол, вучусь хадзіць і г.д. Усё гэта — наступствы экстрымальнага знаходжання ў турме.
Другое. Пасля турмы дом увасабляе для мяне спакой, утульнасць, унутраную гармонію і абароненасць. Мой дом — мая крэпасць. Жыццё пасля вызвалення цудоўнае! Дзякую Госпаду за тое, што падарыў мне такую захапляльную прыгоду, якая называецца жыццём. У ім было ўсё, нават турма.


